закрыть

Калі пара разводзіцца, часта чуем нараканні ад жанчын: былы муж не хоча плаціць аліменты, пазбягае сустрэч з дзецьмі. Таму ўсе клопаты аб выхаванні кладуцца на плечы мам. Але ў гэтай сітуацыі, як і ў кожнай іншай, ёсць адваротны бок. Кіраўнік грамадскага аб’яднання “Абарона правоў бацькоў і дзяцей” Алег БАКУЛІН шмат гадоў адстойвае інтарэсы татаў у судзе. Ён прызнаецца: мужчын, якія хацелі б удзельнічаць у жыцці сваіх дачок і сыноў, нямала. Але не заўсёды ім даюць магчымасць гэта рабіць.

Адвакат расказвае, што судовыя паседжанні па дзецях праходзяць вельмі эмацыйна:

— Каб выйграць спрэчку, дарослыя гатовы ўсіх сабак спусціць на іншага, абліць граззю, падтасаваць дакументы, знайсці “левых” сведак. Апошнім часам, калі вырашаюць пытанне аб месцы пражывання малых, бацьку любяць абвінаваціць у педафіліі. Бо, напрыклад, ён адзін дзяцей у Егіпет павёз ці пацалаваў сына, калі адводзіў у школу. За ілжывыя абвінавачванні могуць і да адказнасці прыцягнуць, але жанчына піша ў заяве “я падазраю, мяркую”, каб у яе праблем не было. Органы праводзяць праверку, часам па паўгода, канфіскуюць ноутбукі, тэлефоны — і нічога не знаходзяць. А былыя жонкі потым прызнаюцца ў асабістых размовах: ты ж не захацеў кватэру нам пакінуць, вось і пайшла на крайнія меры.

Часта справы аб падзеле дзяцей “абрастаюць” адміністрацыйнымі і крымінальнымі пратаколамі — за абразы, прычыненні цялесных пашкоджанняў.

— Чаму таты змагаюцца за дзяцей?

— Бо любяць іх і хочуць удзельнічаць у іх выхаванні. Але часам іншай магчымасці, акрамя як вырашыць гэта праз суд, няма. Ім проста не даюць бачыцца з сынамі і дачкамі, гутараць з імі, праяўляць увагу і клопат. Некаторыя маці абмяжоўваюць любы кантакт. Напрыклад, жанчына дазваляе сустрэцца з дзецьмі толькі на дзве гадзіны на тыдзень у яе прысутнасці. І тое, калі малыя не хварэць ці яна не занятая на рабоце. І такое можа цягнуцца гадамі. За гэты час дзецям унушаюць негатыўнае стаўленне да тат, мяняюць прозвішчы. Гэта робіцца не ў інтарэсах сына або дачкі, а для таго каб зрабіць горш бацьку.

Адзін з кліентаў расказваў, што, каб правесці з дзіцем суботу і нядзелю, яму трэба было заплаціць былой жонцы 100 долараў. Няма грошай — да пабачэння. Пры гэтым ён спраўна плаціў аліменты, купляў усё патрэбнае.

Вядома, ёсць бацькі, якім усё роўна. Але такія на суды і не ходзяць.

— А такіх, каму не ўсё роўна, шмат?

— Кожны год да нас у арганізацыю паступае паўтары тысячы зваротаў. Але гэта не толькі заяўкі на суправаджэнне і абарону правоў у судзе — многія таты просяць проста пракансультаваць, як дзейнічаць у іх сітуацыі.

— На што звяртае ўвагу суд, прымаючы рашэнне аб тым, з кім пакінуць дзіця?

— Ён мусіць сыходзіць з роўнасці правоў абаіх бацькоў. Гэта прадугледжвае артыкул 76 Кодэкса аб шлюбе і сям’і. Калі вырашаецца пытанне аб вызначэнні месца жыхарства дзіцяці пасля разводу таты і мамы, прымяняецца арыкул 74 кодэкса. Згодна з ім, суд улічвае, хто больш увагі праяўляе да дзіцяці, узрост непаўналетняга і яго прывязанасць да кожнага з бацькоў, асабістыя якасці былых сужэнцаў, ці могуць яны стварыць належныя матэрыяльна-бытавыя ўмовы і маральна-псіхалагічную атмасферу.

Сам па сабе большы матэрыяльны дастатак не з’яўляецца падставай для прыняцця рашэння. Усё трэба глядзець у сукупнасці. Але зразумела, што калі ў аднаго з бацькоў ёсць кватэра, а ў другога — толькі ложка-месца ў інтэрнаце, першы ў больш выйгрышным становішчы.

— Калі дзіцяці ўжо споўнілася 10 гадоў, то суд прымае да ўвагі і яго меркаванне. А як зразумець, што малы кажа тое, што адчувае, а не тое, чаму яго навучылі і чаго патрабуе адзін з бакоў?

— Для гэтага робіцца комплексная амбулаторная псіхолага-псіхіятрычная экспертыза. На ёй можна выявіць, ці маецца ўплыў кагосьці з бацькоў. Эксперты гутараць з дзіцем, дарослымі, назіраюць за іх паводзінамі.

— Якія шанцы ў бацькі выйграць справу?

— Так складана адказаць, трэба ведаць канкрэтную сітуацыю. Але па маіх назіраннях, татам аддаюць дзяцей на выхаванне прыкладна ў 1-2 працэнтах выпадкаў.

— Можа, на гэта ёсць аб’ектыўныя прычыны?

— Не заўсёды. Вось адна судовая спрэчка цягнецца ўжо пяць гадоў. Калі яна пачыналася, дзяўчынцы было 12 гадоў, а хлопчыку — пяць. Яны не захацелі жыць з мамай, бо тая абыякава да іх ставілася. Ніколі не хадзіла на бацькоўскія сходы, не звярталася ў амбулаторыю наконт здароўя сына і дачкі. Дзеці пераехалі з бацькам у аднапакаёвую кватэру ў іншы населены пункт. Пачаўся суд аб разводзе. У выніку жанчына ад старэйшай дачкі сама адмовілася, а малодшага сына пажадала забраць. Псіхалагічная дыягностыка паказала, што хлопчык хоча застацца з бацькам. Але суддзя заявіла: “Трэба перадаць малога маці, каб ён палюбіў яе і захацеў з ёй жыць”.

Іншая жанчына ездзіла за мяжу працаваць у сферы сэкс-паслуг. Кідала па паўгода дзіця на сястру.

Ці вось яшчэ гісторыя. Бацька з аднаго раённага гарадка змагаецца за дваіх дзяцей. Яны цяпер з яго былой жонкай, якая жыве ў вёсцы, у хаце без выгод. Жанчына нідзе не працавала, нагуляла трэцяе дзіця ад іншага мужчыны. Неяк яна захварэла, і ёй трэба было класціся ў бальніцу. Замест таго, каб пазваніць тату малога і папрасіць аб дапамозе, зрабіла так, каб здаровае двухгадовае дзіця таксама паклалі ў бальніцу, бо не было з кім пакінуць.

— Чаму тады суддзі становяцца на бок жанчын?

— Я думаю, што гэта ўсталяваная практыка. Законы ў нас добрыя, але іх не заўсёды строга прытрымліваюцца. Спрацоўвае стэрэатып. Ніхто не хоча быць “белай варонай” і вырашаць справу на карысць таты. Плюс сярод суддзяў шмат жанчын, таму яны больш спачуваюць маці.

— Да татаў больш прыдзіраюцца?

— Бацьку задаюць шмат пытанняў, на маю думку, неістотных. Напрыклад: “Які памер калготак у вашай дачкі?” Калі мужчына не ведае, адразу накідваюцца на яго: маўляў, дык які ж вы бацька? Але з памерам дзіцячага аддзення ўвогуле складана ўгадаць. Еўрапейская маркіроўка адна, беларуская — другая. І дзіця хутка расце. Лепш узяць дачку, адвесці ў краму і разам з ёй купіць, што падыходзіць.

Ці просяць назваць прозвішча выхавацеля ў групе ў дзіцячым садку. А многія ведаюць толькі імя і імя па бацьку. Не адкажаш — робяць выснову, што не цікавішся жыццём дзіцяці.

А на тое, што малыя з бацькам падарожнічаюць, развіваюцца, не звяртаюць увагі.

— Справы аб падзеле дзяцей дорага абыходзяцца?

— Так, гэта вялікія сумы. Адна псіхолага-пciaтрычная экспертыза чаго каштуе — па 1000-1500 рублёў. Ведаю, адзін мужчына крэдыт у банку браў, 11 тысяч рублёў: частка грошай была патрэбна для паляпшэння жыллёвых умоў, астатняе на суды. Другі бацька, які ўжо некалькі гадоў судзіцца, каля 30 тысяч затраціў на пасяджэнні. Тут яшчэ трэба ўлічваць, што калі ты праігрываеш справу, то плаціш таксама за адваката і іншыя выдаткі з таго боку.

— Няўжо пытанне аб дзецях нельга вырашыць мірна?

— Можна. Інтэлігентныя людзі, якія клапоцяцца пра сваіх сыноў і дачок, так і робяць. І дзеці гадамі не адчуваюць, што бацькі ў разводзе.

Не трэба рабіць дзяцей прадметам торгу. Многія выкарыстоўваюць іх, каб вырашыць свае інтарэсы. Не абавязкова матэрыяльныя — проста адпомсціць, насаліць. Але бацькам варта было б думаць аб тым, што будзе лепш не для іх самаацэнкі, пачуцця ўласнай значнасці ці задаволенасці, а для дзяцей.

 copy

Тэги : воспитаниезаконзащиталюбовьматериалМатьобязанностиответственностьотецпапаправародителисемьясуд

Оставить комментарий