закрыть

Памперсы з Польшчы, няверныя жонкі, пошукі альтэрнатыў рэменю ды іншыя прыгоды маладых беларускіх бацькоў. Чацвёра хлапцоў з дзецьмі на руках распавядаюць пра тое, як гэта – быць бацькам у Беларусі.

taty1Віктар, 24 гады, кіроўца тралейбуса
Дзеці: дачка Іра (1 месяц), сын Косця (2 гады), дачка Ксюша (4 гады)
Пасля нараджэння другога дзіцяці жонка пачала час ад часу сыходзіць з дому: спачатку на ноч, потым на суткі, а напрыканцы ўжо і на тыдзень. Я яе не біў, спрабаваў неяк палюбоўна дамовіцца – вынік нулявы. Тады, на параду псіхолага, я патэлефанаваў у «Грамадства абароны правоў бацькоў і дзяцей». Мне параілі фіксаваць факты адсутнасці жонкі, збіраць паказанні сведак, звяртацца ў міліцыю.

Потым яна цалкам пераехала да свайго новага сябра, а я падаў заяву на аліменты і развод, хоць і разумеў: шанцаў, што суд пакіне дзяцей са мной, амаль няма. Аднак дзякуючы прававой дапамозе, паказанням сведак і неабходным паперам Косцю і Ксюшу атрымалася адваяваць.

Я застаўся адзін з двума дзецьмі, але не ўмеў ні гатаваць, ні праць, ні прыбіраць, і галоўнае – не ведаў, як знаходзіць з імі агульную мову. Усім побытавым рэчам я вывучыўся хутка, складаней было знайсці падыход да дзяцей і не зрываць на іх сваю злосць. Пагутарыўшы з псіхолагам, я паступова адмовіўся амаль ад усіх пакаранняў, пачаў гаварыць з дзецьмі як з роўнымі. Напрыклад, калі Косця або Ксюша штосьці ламалі, я проста станавіўся на калені, каб быць з імі на адным узроўні, глядзеў у вочы і тлумачыў, што яны зрабілі дрэнна. Так мы заўсёды любы канфлікт вырашалі за пяць хвілінаў.

На тралейбусе я працую чатыры дні праз два. Раней часам прыпадала ездзіць па 10 гадзінаў на дзень, таму спачатку было вельмі цяжка, і я браў дзяцей з сабой у дэпо або нават ездзіў разам з дачкой. Часцяком бываў паўночы на нагах і, здаралася, засыпаў за рулём. Дзякуй Богу, нікога не збіў. На канцавым прыпынку, падчас 5-хвіліннага перапынку, выкройваў трохі часу падрамаць. Акрамя таго, дапамагаў маці – развозіў дзіцячыя цацкі па яе гандлёвых кропках. На жыццё хапала.
Вядома, асабліва шыкаваць не атрымлівалася, але ўсё патрэбнае дзецям было. Нейкія рэчы давалі сябры і знаёмыя.

Здаралася, за дзіцячай вопраткай ездзіў на начны кірмаш у Горадню, там усё з Украіны, адчувальна танней. Калі патрэбныя нейкія малочныя прадукты, то еду на завод у Дражні. Амаль усё астатняе па нармальных цэнах ёсць у «Еўраопце», а цацкі мая маці прывозіць з Масквы.

Большасць сяброў і знаёмых казалі, што я мушу пакінуць Ксюшу і Косцю, што я адзін не вытрымаю. Прызнацца, спачатку былі думкі аддаць дзяцей на выхаванне ў іншую сям’ю або раздзяліць з жонкай. Але як яны будуць глядзець на мяне, калі вырастуць? Таму я вырашыў: трэба даводзіць справу да канца.

Ці ёсць думкі, што дзеці «скралі найлепшыя гады майго жыцця»? Пагуляць, вядома, хочацца, але я планую гэтым заняцца, калі дзецям будзе гадоў па 20. Тады я пайду і загуляю так, што мая дачка скажа: «Мой тата яшчэ ого-го!»

Год таму я зноў пачаў жыць са сваёй жонкай, а ў снежні ў нас нарадзілася трэцяе дзіця. Шмат хто не разумее, чаму я прыняў жонку назад, як і шмат хто не разумеў, чаму я дзяцей сабе пакінуў. Але я хачу, каб Іра, Косця і Ксюша раслі ў поўнай сям’і, каб у іх была сапраўдная мама і сапраўдная матчына любоў. Хоць я цяпер не такі дурань, як раней: цяпер мы складаем шлюбны кантракт, паводле якога ў выпадку чаго дзеці застануцца ў мяне. Калі раптам жонка зноў пачне знікаць, то я збяру яе рэчы і скажу «да пабачэння». Першы раз аднаму было вельмі цяжка, але цяпер я ўсё і ведаю і дакладна спраўлюся сам.

Аляксандр, 27 гадоў, фатограф
Дзеці: сыны Марэк (3 гады) і Ян (3 месяцы)taty2
Спачатку мы з жонкай стыхійна выхоўвалі дзяцей. Але аднойчы я загнаўся і зразумеў, што раблю тое самае, што калісьці рабілі мае бацькі. Зразумеў, што па сутнасці ўва мне запраграмаваныя іхнія памылкі і стэрэатыпы. Калі гэта ўсведамляеш, пачынаеш рабіць па-іншаму.

Мы прачыталі шмат кніжак па псіхалогіі выхавання, пачалі хадзіць да сямейнага кансультанта.

Каштуе гэтае задавальненне нятанна – $ 30 за гадзіну, але недарэчна эканоміць на дзецях і на сваім камфорце. Пасля некалькіх заняткаў я на шмат якія рэчы гляджу інакш.

Вось, напрыклад, шмат хто наказвае дзяцей рэменем, папросту б’е іх. Не так жорстка, вядома, але пару разоў я ўсё ж пляснуў Марэка. Пры гэтым адчуваў сябе зусім брыдка. Параіўшыся, мы вырашылі пацікавіцца іншымі методыкамі. Можна проста сказаць малому: «Калі ты хочаш пашумець у той час, калі мы занятыя працай, то адпраўляйся ў іншы пакой і крычы там, бегай, разбурай дом». Дзіцё не пойдзе туды, дзе застанецца адно, для яго гэта самае жорсткае пакаранне. Такіх прыёмаў мільён.

Цяпер усё працуе – дзеці слухаюцца. Мне падабаецца выхоўваць дзяцей па розуме. Больш за тое, я адчуваю, што выхоўваю не толькі іх, але і сябе. Бачу цяпер шматлікія праблемы, якія ёсць у мяне з маімі бацькамі.

Я – фатограф і не прывязаны да працы з 8:00 да 17:00. Часцяком працую па начах, але дзеці мне ніяк не замінаюць, з мяшкамі пад вачыма не хаджу. Мы позна кладзёмся і доўга спім, па 11–12 гадзінаў. Нават трохмесячны Ян не прачынаецца па начох, за што яму «рэспект і паважуха».

З жонкай дзелім усе клопаты 50/50. Магчыма, у мяне штосьці нават лепш атрымліваецца – я больш спакойны. Яна – маці, і яе жаночыя гармоны часта не дазваляюць адэкватна ацэньваць паводзіны дзяцей.

Часам, вяртаючыся з камандзіроўкі, я сустракаю зусім іншую жанчыну. Нейкія касякі ў яе ўвесь час адбываюцца – а ў мяне Марэк і Ян спяць, ядуць і забаўляюцца.

Наогул, менавіта дзякуючы дзецям мы разам, і ніякі побыт нас не заеў. З дзецьмі супольнае жыццё робіцца цікавай прыгодай, як падарожжа па Азіі ды Афрыцы. Тым больш, што мы можам разам з’ездзіць да сяброў у іншую краіну, схадзіць на выставу, патусавацца на канцэрце. Ніякіх праблем.
Не будзе лепшага часу, каб заводзіць дзяцей. Заўсёды нейкія праблемы ў цябе і ў тваёй краіне. Ёсць такая прымаўка: «Бог даў дзіця – Бог дасць і на дзіця». Калі ў мяне з’явіліся Марэк і Ян, я пачаў больш рухацца, больш зарабляць, пры тым што амаль увесь час праводжу з сям’ёй.

Вядома, у параўнанні з халастымі гадамі я пачаў менш тусіць і кантактаваць з меншай колькасцю людзей. Але адсекліся непатрэбныя кантакты і справы. Усё важнае засталося. Сям’я для мяне цяпер і ёсць сэнс жыцця. Мне не цікавы алкаголь, я кінуў паліць, зрабіўся значна спакайнейшым. Раней я кідаўся ў розныя бакі і браўся за ўсё, што траплялася. Дайшло да таго, што мне не цікава было два дні быць з адной жанчынай. Цяпер мне спакойна і весела, а ад забаваў мінулага жыцця цягне нудой. Ведаеце, менавіта цяпер я пачуваюся шчаслівым.

Яўген, 26 гадоў, будаўнік
Дзеці: сын Рома (10 месяцаў)taty3

Першыя шэсць месяцаў я выразна не ўсведамляў, што зрабіўся бацькам: шмат клопатаў – і не было калі задумвацца пра сваё новае амплуа. Але праз паўгода жонка паехала да сястры, і я застаўся з сынам адзін. Пакарміў яго, памыў, пасадзіў у калыску і, ловячы на сабе поўныя павагі погляды мясцовых жыхароў, пачаў наразаць колы па Чыжоўцы. І тут у мазгах нешта пстрыкнула. Наогул, я вельмі спакойны чалавек, не вельмі багаты на эмоцыі. Калі прынеслі дзіця першы раз, мой сябар ледзь прытомнасць не страціў, а я ўсё ўспрыняў спакойна – гэта маё дзіця, я мушу яго абараніць. Але тады з’явілася адчуванне, што ў сэрцы граюць трубы, а ў галаве выбухаюць феерверкі. Быццам у мяне дзень народзінаў, толькі ў сто разоў мацней і прыемней.

Працую на будоўлі цэлы дзень: сыходжу на працу – сын яшчэ спіць, прыходжу – ён ужо спіць, таму падчас працоўнага тыдня бачымся мы пераважна па начох. Цяпер у Ромы зубы рэжуцца, на ноч падмяняю жонку на вахце. Наогул, будую хаты сем дзён праз сем і амаль усе выходныя праводжу з сям’ёй. Пасля нараджэння сына пачалі з жонкай больш паважаць адзін аднаго: калі я кажу, што стаміўся, то яна мяне не кранае. Калі ёй трэба нейкая дапамога, я адкладу любыя справы.

Калі каму-небудзь з бацькоў фінансы чагосьці не дазваляюць, трэба імкнуцца, каб дазвалялі! Дзіця мае атрымліваць усё. Бывае, нейкія халтуры ў выходныя даводзіцца браць. Цвік я, дзякаваць богу, забіць магу, таму ніякія эканамічныя катаклізмы нам не страшныя.

Ці ўдарыў па нас крызіс? Мы вялікую частку рэчаў купілі яшчэ да яго пачатку, і асаблівай патрэбы ні ў чым не адчуваем. Хіба што памперсы ў Беларусі ў 1,5 раза даражэйшыя, чым у Польшчы. Робім замову па электроннай пошце, па звычайнай пошце дастаўляюць. Калі сябры бываюць за мяжой, то яны прывозяць.

У дзяржавы я нічога не прашу і прэтэнзій не маю – дае яна нам 500 тысяч на месяц, і нармуль. Хоць былі думкі з’ехаць у Амерыку. Цяпер плануем удваіх махнуць у Маскву. У мяне жонка ветэрынар, і там можна нармальна зарабляць. Бо сын у мяне ёсць, цяпер трэба яму дом пабудаваць. Шчыра кажучы, хацелі б зваліць адсюль – і дзеля сябе, і дзеля дзіцяці. Што ён будзе тут рабіць, калі вырасце? У хакей гуляць?

Яўген, 27 гадоў, фрылансер
Дзеці: дачка Ева (1,5 года)taty4
Я фрылансер – працую дома і з дачкой праводжу амаль 24 гадзіны на суткі. Нягледзячы на гэта, калі з’явілася дзіця, мы з жонкай пачалі менш бачыцца.

Па-першае, я працую пераважна ноччу, а яна днём. Па-другое, наяўнасць дзіцяці накладае пэўны адбітак на сацыяльнае жыццё: увечары даволі цяжка кудысьці пайсці ўдваіх, таму даводзіцца «выходзіць у свет» па чарзе. Жаданне бачыць сяброў і сустракацца з імі ёсць, але, шчыра кажучы, не хапае сіл. Хоць, думаю, у будучыні я прапампую гэты скіл і зноў буду больш актыўны.

Ці шмат грошай я трачу на дачку? Ведаеце, мне здаецца, існуе нейкі кругазварот дзіцячых рэчаў у прыродзе. Мы з жонкай мала што куплялі, хоць усякага дзіцячага барахла ў нас тоны. Адкуль яны ўзяліся? Ад сваякоў, якія нас усім задорваюць, і ад сяброў, у якіх дзеці выраслі. Не вядома, у колькіх людзей гэтыя рэчы былі да нас і колькім яшчэ паслужаць.

Адзіны напружаны побытавы момант быў, калі ў Менску зніклі мясныя дзіцячыя кансервы, і мне даводзілася купляць іх, калі я ездзіў у іншыя беларускія гарады. Была яшчэ гісторыя з памперсамі: здарылася так, што марка, якой мы карысталіся, наогул знікла, і мы прасілі сяброў прывозіць іх з Польшчы, ці я сам вёз нейкія неймаверныя партыі з Расіі. На хвалі дэфіцыту, дарэчы, з’явіліся зухаватыя хлопцы.

Яны ходзяць па пад’ездах, расклейваюць абвесткі і дастаўляюць памперсы, сурвэткі ды іншы стаф на хату. Зручней, чым з Польшчы іх цягнуць, таму мы часам дапамагаем хлопцам зарабіць.

Наогул, я з Расіі, а сюды прыехаў па закліку сэрца. Але да Беларусі ніякіх прэтэнзій у мяне няма. Адзінае, што не хочацца лішні раз з’яўляцца ў дзіцячай паліклініцы – гэта сапраўдная амбасада пекла на Зямлі. Злыя лекары, натоўпы дзяцей. Лячэнне ў найлепшых традыцыях савецкай медыцыны: штосьці не зразумела – адпраўляюць у стацыянар або ставяць кропельніцу, а там ужо разбіраюцца.

Быць бацькам цікава. Палепшыць настрой дачкі – гэта цэлы квэст. Адзін і той жа спосаб не працуе двойчы: часам трэба зладзіць нейкае шаленства, часам пачытаць кнігу, часам на вуліцу схадзіць пагуляць. Асабліва не засумуеш.

Калі я працаваў у офісе, мне заўсёды хацелася хутчэй вярнуцца дадому ды з жонкай і дачкой правесці як мага больш часу. Гэтае адчуванне нікуды не знікла за 1,5 года. Мяркую, я зрабіўся больш адказным. Хаця пра гэта трэба спытаць у жонкі. У любым выпадку, без яе я не справіўся б.

Тэги : воспитаниеДетидочьобязанностиответственностьотцыпапасын

Оставить комментарий